Шаноўныя абітурыенты! Да пачатку асноўнай фазы ўступнай кампаніі-2026 ва ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі засталіся лічаныя дні. Ужо 12 ліпеня прыёмныя камісіі акадэмій, універсітэтаў і інстытутаў нашай краіны расчыняць свае дзверы дзеля таго, каб вы мелі магчымасць дакументацыйна аформіць сваё жаданне атрымліваць вышэйшую адукацыю. На падачу дакументаў, згодна з правіламі прыёму, будзе адведзена толькі 7 каляндарных дзён, таму падчас уступнай кампаніі абітурыентам устаноў вышэйшай адукацыі будзе надзвычай важна ў сціслыя тэрміны прадпрымаць лагічныя і рацыянальныя дзеянні, якія павінны прывесці да дасягнення мэты – паступлення на пажаданую спецыяльнасць. У сувязі з гэтым калектыў сайта abiturient.by, удзельнікі якога прадстаўляюць выпускаючую кафедру «Прамысловая электроніка» Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В. Сухога, і маюць шматгадовы вопыт працы ў прыёмных камісіях, лічыць за неабходнае даць сёлетнім абітурыентам 7 асноўных рэкамедацый.
1. Звярніце ўвагу на слоган нашага рэсурса. «КІМ БЫЦЬ?» – «ДЗЕ ВУЧЫЦЦА?» – «ЯК ПАСТУПІЦЬ?». Менавіта ў такой паслядоўнасці мы раім вам разважаць над выбарам сваёй будучыні. Спачатку акрэслівайце сваю пажаданую будучую галіну дзейнасці (добра, калі вы гэта ўжо зрабілі колькі месяцаў або гадоў таму!), і звязаную з гэтым спецыяльнасць, потым вызначайцеся з установай вышэйшай адукацыі, і, нарэшце, апошняй вырашайце задачу «тэхналогіі» паступлення.
2. Вывучайце прахадныя балы. Для атрымання большага аб'ёму інфармацыі параўноўвайце свой паказчык з вынікамі ўступных кампаній мінулых гадоў, але памятайце, што кожны год конкурс і прахадны бал змяняюцца.
3. Майце план «Б». Вызначце для сябе запасныя спецыяльнасці або навучальныя ўстановы на выпадак, калі балаў для паступлення на бюджэтную форму навучання на прыярытэтную спецыяльнасць у прыярытэтным універсіэце не хопіць. Калі цікавая для вас спецыяльнасць, або напрамак падрыхтоўкі ёсць у некалькіх установах вышэйшай адукацыі Беларусі, паспрабуйце размеркаваць свой час так, каб наведаць усе гэтыя ўніверсітэты. Вельмі добра, калі вы гэта ўжо зрабілі ў рамках Дзён адчыненых дзвярэй, якія ў гэтым навучальным годзе неаднаразова праводзіла кожная ўстанова вышэйшай адукацыі. Але нават і за той час, які адведзены на падачу дакументаў, можна паспець аб’ехаць усе цікавыя для вас універсітэты. Таксама не забывайцеся на тое, што многія ўніверсітэты праводзяць конкурс па факультэце, або па групе спецыяльнасцей, і ў гэтым выпадку вам можа быць мэтазгодна ў заяве аб падачы дакументаў пазначыць не адну, а некалькі спецыяльнасцей універсітэта ў парадку ўбывання свайго прыярытэту. Гэтым вы аўтаматычна пацвярджаеце магчымы пачарговы ўдзел у некалькіх конкурсах на бюджэтныя месцы па спецыяльнасцях свайго больш нізкага прыярытэту ў тых выпадках, калі не будзеце праходзіць па конкурсе на спецыяльнасці, якія пазначылі ў сваёй заяве ў верхняй частцы спісу спецыяльнасцей.
4. Памятайце, перад падачай дакументаў у прыёмную камісію, мэтазгодна атрымаць у тэхнічнага сакратара прыёмнай камісіі разгорнутую кансультацыю не толькі па усім цікавым вам спектры спецыяльнасцей, але і па напаўненні кожнай спецыяльнасці – гэта сфера прафесійнай дзейнасці будучага спецыяліста, набор дысцыплін вучэбнага плана, якія будуць вывучацца, прадпрыемствы, на якія найбольш імаверна працаўладкаванне пасля заканчэння навучання.
5. Калі гэта магчыма, абавязкова наведайце выпускаючую кафедру ўстановы вышэйшай адукацыі, якая адказвае за падрыхтоўку па цікавай вам спецыяльнасці. Менавіта выпускаючая кафедра будзе рыхтаваць вас непасрэдна па блоку спецыяльных дысцыплін, кіраваць вытворчымі практыкамі, курсавымі і дыпломнымі праектамі, а таксама будзе дапамагаць вам знайсці першае працоўнае месца. Ад узроўню кваліфікацыі выкладчыкаў выпускаючай кафедры, укамплектаванасці яе вучэбна-лабараторнай базы, якасці арганізацыі на ёй дадатковых адукацыйных і навуковых мерапрыемстваў, конкурсаў, студэнцкіх аб’яднанняў, і будзе залежыць ваш узровень пры пераходзе ў статус маладога спецыяліста-выпускніка.
6. Калі цікавы вам універсітэт знаходзіцца ў іншым горадзе, і вам падчас будучай вучобы будзе неабходны студэнцкі інтэрнат, знайдзіце час, каб наведаць гэты інтэрнат, і на месцы азнаёміцца з умовамі пражывання ў ім.
7. Ні ў якім разе не адкладайце свой першы візіт у прыёмную камісію на апошні дзень падачы дакументаў! Загадзя падрыхтуйце і абавязкова вазьміце з сабой увесь неабходны набор дакументаў, каб наведаць прыёмную камісію мінімум за 2-3 дні да заканчэння прыёму дакументаў. У прыёмнай камісіі пажадана не толькі атрымаць падрабязную кансультацыю па спецыяльнасцях, але і паказаць тэхнічным сакратарам прыёмнай камісіі для праверкі ўсе свае дакументы. Здараюцца сітуацыі, калі тыя ці іншыя вашы дакументы аформлены неадпаведна правілам, і будзе патрабавацца іх замена, або карэкціроўка. Прыбыўшы ў прыёмную камісію ў апошні дзень падачы дакументаў з такімі дакументамі, вы фактычна пазбавіце сябе магчымасці своечасова паспець прывесці іх у належны стан.
Каб паступіць - паступайце ўдумліва, рацыянальна, паслядоўна, лагічна! Каманда abiturient.by жадае вам поспехаў у выбары сваёй прафесійнай будучыні!
* Тэкст гэтага паведамлення можна залучыць у выглядзе далучанага файла (гл. ніжэй), надрукаваць з двух бакоў і выкарыстоўваць ў якасці памяткі